Праект GNU
Праект GNU | |
---|---|
Тып | некамерцыйная арганізацыя |
Год заснавання | 1983 |
Заснавальнікі | Рычард Столман |
Размяшчэнне | няма даных |
Сфера дзейнасці | праграмнае забеспячэнне |
Вэб-сайт | gnu.org |
Праект GNU — гэта масавы супольны праект па стварэнні свабоднага праграмнага забеспячэння, анансаваны ў 1983 годзе Рычардам Столманам. Тым самым быў дадзены пачатак аперацыйнай сістэме GNU, распрацоўка праграмнага забеспячэння для якой пачалася ў студзені 1984 года. GNU — гэта рэкурсіўны акронім, які азначае «GNU is Not Unix» (ГНУ — гэта Не Юнікс).
Галоўная мэта праекта — распрацаваць самае неабходнае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіла б выкарыстоўваць камп’ютар, не ўжываючы несвабодныя праграмы наогул. Каб дасягнуць гэтага, Праект GNU распачаў працу над аперацыйнай сістэмай, названай GNU. Мэта стварэння свабоднай аперацыйнай сістэмы была дасягнутая ў 1992 годзе, калі апошняя адсутная на той момант частка сістэмы, ядро, была запоўнена з дапамогай Unix-падобнага ядра Linux (пасля выдання згодна з ліцэнзіяй GPL), распрацаванага фінскім студэнтам Лінусам Торвальдсам.
Філасофія і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Большасць таго, што ствараецца ў межах праекта ГНУ, мае тэхнічную прыроду. Але ж праект быў заснаваны як сацыяльная, этычная і палітычная ініцыятыва. Побач са стварэннем праграмнага забеспячэння і выданнем ліцэнзій, Праект ГНУ апублікаваў вялікую колькасць філасофскіх прац, большасць якіх — аўтарства Рычарда Столмана.
Распрацоўка праграмнага забеспячэння
[правіць | правіць зыходнік]У дзейнасці Праекта ГНУ, накіраванай на распрацоўку праграмнага забеспячэння, можна вылучыць два прамежкі. У 1980-х і пачатку 1990-х праект быў засяроджаны на распрацоўцы аперацыйнага праграмнага забеспячэння. У сярэдзіне 1990-х асноўная ўвага перайшла да стратэгічных праектаў.
Распрацоўка аперацыйнай сістэмы
[правіць | правіць зыходнік]Першай мэтай Праекта ГНУ было стварэнне паўнавартаснай свабоднай аперацыйнай сістэмы. Для дасягнення гэтай мэты супрацоўнікі праекта пачалі напісанне аперацыйнай сістэмы. Мэта была дасягнута ў 1992 годзе, хоць праект і не скончыў усе запланаваныя працы. Распрацаванае па-за межамі праекту ядро Лінукс запоўніла апошні прамежак, такім чынам суцэльная свабодная аперацыйная сістэма была завершана, хаця засталася няскончанай праца над ядром GNU Hurd.
Стратэгічныя праекты
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з сярэдзіны 1990-х, многія кампаніі робяць інвестыцыі ў распрацоўку свабоднага праграмнага забеспячэння. Фонд Свабоднага праграмнага забеспячэння перанакіроўвае гэтыя сродкі на прававую і палітычную падтрымку руху свабодных праграм. Распрацоўка праграмнага забеспячэння засяроджваецца на суправаджэнні існуючых праектаў, а новыя праекты пачынаюцца толькі ў выпадку вострай пагрозы для супольнасці.
GNOME
[правіць | правіць зыходнік]Першы прыклад стратэгічнага праекта — асяроддзе GNOME. Намаганні па яго распрацоўцы былі распачаты Праектам ГНУ з-за таго, што іншае асяроддзе, KDE, пачало набіраць папулярнасць, але патрабавала ад карыстальнікаў усталявання пэўнага прапрыетарнага праграмнага забеспячэння. Каб пазбегнуць таго, што людзі будуць вымушаныя ўсталёўваць прапрыетарнае ПЗ, Праект ГНУ пачынае адразу два праекты. Першы з іх — Harmony toolkit. Гэта была спроба распрацаваць свабодную замену прапрыетарнаму праграмнаму забеспячэнню, ад якога залежыць KDE. Другі праект — GNOME, прызначаны быць заменай KDE, што не мела б ніякіх залежнасцей ад прапрыетарнага ПЗ. Праект Harmony не зрабіў значнага зруху, але GNOME развіваецца вельмі добра. Тым часам, прапрыетарны кампанент, ад якога залежыць KDE, Qt, быў выдадзены як свабоднае праграмнае забеспячэнне.
Gnash
[правіць | правіць зыходнік]Другі прыклад — Gnash. Гэта праграма для прайгравання анімацыі, што распаўсюджваецца ў фармаце Adobe Flash. Яе распрацоўка пазначаная як прыярытэтны праект у межах ГНУ з-за таго, што было заўважана, што многія людзі, карыстаючыся свабоднай аперацыйнай сістэмай і ўжываючы свабодны вэб-браўзер, усталёўваюць дадаткова прапрыетарны плагін ад Adobe.
Сеціўная пляцоўка
[правіць | правіць зыходнік]Сеціўная пляцоўка Праекта ГНУ перакладзеная добраахвотнікамі на значную колькасць моў. Некаторыя старонкі былі перакладзены на 41 мову. Першыя некалькі гадоў сеціўная пляцоўка знаходзілася па адрасе gnu.ai.mit.edu, да таго, як у 1998 г. атрымала адрас www.gnu.org.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- gnu.org (англ.) — афіцыйны сайт праекта GNU